Суперкніга пра Біла з Болаю
Суперкніга пра Біла з Болаю
Аўтар: Гуніла Бэргстрэм
Пераклад: Андрэя Хадановіча, падрадкоўны пераклад са шведскай Алесі Башарымавай і Надзі Кандрусевіч
Мова: беларуская
Старонак: 68
Год выдання: 2017
Месца выдання: Мінск
Вокладка: цвёрдая
Фармат: 205x260 мм
ISBN: 978-985-7180-35-6
Кніга пра Біла і Болу шведскай дзіцячай пісьменніцы і мастачкі Гунілы Бэргстрэм распавядае кранальную гісторыю пра тое, як у звычайнай сям’і з’яўляецца незвычайная дзяўчынка. Што нясе з сабой нараджэнне асаблівага дзіцяці — радасць ці гора? Ці нашае жыццё ды усё, што ў ім адбываецца, суцэльная неспадзяванка ды найвялікшы цуд?
Пра аўтарку і кнігу
Шведская дзіцячая пісьменніца ды ілюстратарка Гуніла Бэргстрэм нарадзілася ў Гётэборгу (Швецыя) у 1942 годзе.
Кніга “Прыгоды Біла і Болы: вершыкі ды прыколы” выйшла ўпершыню ў 1978 годзе.
Біл толькі што стаў старэйшым братам, ён пачуваецца найшчаслівейшым ва ўсім свеце. Але час ідзе, і усе разумеюць, што з яго малодшай сястрычкай Болай штосьці не так: Бола зусім не размаўляе.
У кнізе паказанае і шчасце, якое нясе малодшая сястра, і гора і боль, калі ўсе даведваюцца, што яна асаблівая.
У 1979 годзе выйшаў працяг кнігі пра Біла і Болу — “Пра Болу і ейнага брата: бязглузда і глуздавата”. А ў 2007 з’явілася “Суперкніга пра Біла з Болаю: Біл разумны, а Бола вясёлая”, якая складалася з двух папярэдніх кніг пра Біла і яго сястру.
Напісаць гэтыя кнігі Гунілу Бэргстрэм падштурхнула сітуацыя ва ўласнай сям’і: у яе самой двое дзяцей, а ў малодшай дачкі аўтызм.
Гэта здарылася!
Так, напраўду, павер,
Адбылося тут і цяпер!
Сёння ўночы, цяпер і тут,
Самы-самы сапраўдны ЦУД...
(о, імгненне
ягонага нараджэння!)
...бо на свет прыходзіць дзіця!
Сэрца б’ецца ў рытме жыцця!
ДЗЯЎЧЫНКА! Маленькая пані!
Дзіця кахання й чакання,
Анёлак з крыві і плоці,
Што хутка зробіцца цёцяй!
Новая госця планеты — яна!
Адна з мільёнаў, мільярдаў...
Адна...
Стала жыць паміж нас,
На радасць сабе і людзям,
Сёння ўночы...
У ночы, якую мы не забудзем.
Гэта і быў той цуд...
Цуд, які вечна трывае...
Цяпер у кагосьці сястрычка,
Прыгожая і жывая!