Наша Ніва
Часопіс «Наша гісторыя». № 6-2019. Берасце: горад, якога няма
Часопіс «Наша гісторыя». № 6-2019. Берасце: горад, якога няма
Рэкамендацыя ўзросту: 16+
У наяўнасці: 1
Не ўдалося загрузіць магчымасць самавывазу
Мова: беларуская
Старонак: 98
Год выдання: 2019
Месца выдання: Мінск
Вокладка: мяккая
Фармат: 205x290 мм
ISBN: 2617-2305
Гэты выпуск «Нашай гісторыі» раскрывае драматычны і лёсавызначальны момант для Беларусі — Люблінскую ўнію 1569 года. Часопіс паказвае, як культурныя перамены, страта моўнай самастойнасці і палітычныя дамінацыі Польшчы паўплывалі на далейшы шлях Вялікага Княства Літоўскага. Тэкст дапаможа чытачу ўбачыць, як падзеі XVI стагоддзя адгукаюцца ў сучаснай беларускай ідэнтычнасці, дзяржаўнасці і культуры.
***
Роўна 450 гадоў таму, 1 ліпеня 1569 года, адбылася падзея, якая стала важным рубяжом у гісторыі Беларусі. У гэты дзень згодна з пастановай сойма ў Любліне перасталі існаваць як асобныя дзяржавы Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае, а ўтварылася паўнавартасная саюзная дзяржава — Рэч Паспалітая «абодвух народаў». Унутры яе кожны суб’ект захоўваў пэўную самастойнасць, але ў цэлым федэрацыя не была раўнапраўнай — на працягу больш чым двух стагоддзяў існавання Рэчы Паспалітай у ёй заўсёды дамінавала Польшча. Не толькі палітычна, але і культурна. Што значна паўплывала на далейшы гістарычны лёс нашага народа.
Гэтае дамінаванне пачалося не з Люблінскай уніі, яна толькі ўвянчала агульную тэндэнцыю. XVI стагоддзе было ў нашай гісторыі парадаксальным. З аднаго боку, гэта час вялікіх культурных дасягненняў, якімі справядліва ганарацца сучасныя беларусы: выданне першых кніг на старабеларускай мове Францішкам Скарынам і ягонымі паслядоўнікамі, складанне на той жа мове трох Статутаў ВКЛ. Але тады ж пазначыўся і відавочны заняпад гэтай мовы, страта ёй былога грамадскага прэстыжу. Характэрна, што пераважная большасць поўных горычы лістоў, якімі абменьваліся паміж сабой прыхільнікі незалежнасці ВКЛ перад заключэннем уніі, былі ўжо польскамоўнымі.
Прыблізна тады ж вядомы асветнік Васіль Цяпінскі ў прадмове да свайго перакладу Евангелля наракаў: «Бо хто ж з набожных не задрыжыць, на такое знішчэнне Божае гледзячы, хто б не мусіў плакаць, бачачы (з боку) гэткіх вялікіх князёў, такіх значных паноў... занядбанне сваёй слаўнай роднай мовы і папросту пагарджэнне ёю... Тыя, якія між імі (людзьмі) завуцца духоўнымі асобамі і настаўнікамі... не толькі найменш ёю валодаюць, найгорш яе разумеюць і не навучаюцца на ёй, але ж нават і школы для яе вывучэння нідзе не маюць...». Пазней сітуацыя толькі пагоршала.
Вядома, моўная і культурная паланізацыя закранала тады перадусім толькі эліту грамадства, народныя масы збольшага захоўвалі традыцыйны лад жыцця. Але гэта праз стагоддзі значна абцяжарыла станаўленне ўжо мадэрнай беларускай нацыі, выкапаўшы паміж элітамі і народам прорву не толькі ў сацыяльным, але і ў моўна-культурным вымярэнні.
Гэта зусім не значыць, што часы Рэчы Паспалітай для Беларусі ва ўсім былі цёмныя. Неацэнна тое, што ў складзе гэтай дзяржавы нашы землі былі ўключаныя ў агульнаеўрапейскі культурны працэс, належалі да Еўропы не толькі геаграфічна, але і цывілізацыйна. Са спалучэння пазітыўнага і негатыўнага, уласна кажучы, і складаецца гістарычны працэс.
Але галоўны ўрок Люблінскай уніі таксама не трэба забывацца: занядбанне сваёй мовы і культуры падкладае міну запаволенага дзеяння і пад сваю дзяржаўнасць, а раўнапраўная інтэграцыя немагчымая, калі патэнцыял партнёраў занадта адрозніваецца.
