Tsymberau
Каляды з хроснай
Каляды з хроснай
Аўтар: Алена Масла
Ілюстратар: Уладзімір Даўгяла
У наяўнасці: 2
Не ўдалося загрузіць магчымасць самавывазу
Мова: беларуская
Старонак: 72
Год выдання: 2024
Месца выдання: Мінск
Вокладка: цвёрдая
Фармат: 210x290 мм
ISBN: 978-985-7334-10-0
Каляды з хроснай : праўдзівыя гісторыі і крышачку чарадзейства: выданне для чытання дарослымі дзецям
«Каляды з хроснай» — гэта атмасферная і светлая кніга пра дзяўчынку Віку, якая праводзіць Каляды ў гасцях у сваёй хроснай і трапляе ў свет дзівосаў, цудаў і нечаканых пераўтварэнняў. Гэтая гісторыя напоўненая цеплынёй, казачнасцю і тым асаблівым святам, якое адчуваецца толькі ў дзіцячым узросце. Кніга створана для таго, каб дарослыя чыталі яе дзецям — і разам вярталіся ў тое месца, дзе сяброўства, фантазія і дабрыня нараджаюць сапраўдныя цуды.
ЗМЕСТ
Мая хросная
Мы пераязджаем
Я еду да хроснай!
Партрэт анёла
Зорны дождж
Як мы начаравалі снегу
Пачастунак для паставых
Мы адкрываем гарналыжны курорт
Інструктар знойдзены!
Да нас прыходзіць Дзед Мароз!
У нас зносіць дах
Аджываюць мяккія цацкі
Мы пераапранаемся Дзедам Марозам і Снягуркай
Адліга
Шалік з хмаркі
Мы лётаем на Пегасе
Як я вучылася чыніць цуды
Я станаўлюся фабрыкай цудаў
Я ад'язджаю дадому
Рэцэпты добрых цудаў
ФРАГМЕНТ З КНІГІ
Мая хросная
Вы ведаеце маю хросную? Яна жыве на апошнім паверсе самага высокага ў горадзе дома. Да ўсяго, дом гэты стаіць над ракой на пагорку. І таму з яе кватэры відаць увесь горад. Да маёй хроснай госці часта заходзяцца толькі дзеля таго, каб пацешыцца відам з акна. Праўда, не ва ўсіх стае адвагі глядзець з такой вышыні. Адумысна для гэтых гасцей хросная гатуе гарбату з мятай – яна супакойвае. Баязлівыя выпіваюць кубак-другі духмянай гарбаты – і страх як рукой здымае.
– Глядзіце, глядзіце! – шчасліва пляскаюць яны ў ладкі, убачыўшы з вышыні птушынага палёту вуліцы і дамы. – Гэта ж кансерваторыя! А вунь там – Круглая плошча! А во – возера!
У хроснай з вокнаў кватэры відаць нават табло галоўнага стадыёна. І можна ў час футбольных матчаў назіраць за лікам, не адыходзячы ад акна і не ўлучыўшы тэлевізара. Таму апантаныя заўзятары, калі ім не шанцуе з білетамі на нейкі супер-матч, ідуць да маёй хроснай, каб жыўцом пабачыць хоць лік на табло.
Сярод знаёмых хроснай ёсць адзін лётчык з велізарным стажам. Для яго неба – родны дом, а ў горадзе ён пачуваецца як у каменных джунглях. І калі яму здараецца заблудзіць сярод вулак, ён знаходзіць дом хроснай (а гэта зусім не цяжка, бо той згледжваецца адусюль), падымаецца на апошні паверх і ўжо з вышыні вызначае свой маршрут па горадзе.
Некаторыя лічаць маю хросную вар'яткай з таго, што яна жыве так высока.
– Гэтую кватэру яна не атрымала ў спадчыну, не выйграла ў латарэю, яна яе ку-пі-ла! Аддала немалыя грошы! За тое, каб жыць на апошнім паверсе высотнага дома!
Але мая хросная толькі смяецца з такіх разваг.
– Калі будуюцца шматпавярхоўкі, павінен жа нехта і на апошніх паверхах жыць, – кажа яна.
Хросную не палохае нават ліфт, які час ад часу псуецца.
– З усяго можна мець карысць, – разважае яна, падымаючыся да сябе па лесвіцы. – Дадому траплю, а заадно і патрэніруюся!
Больш за ўсё гэтыя развагі цешаць суседа з першага паверха. Ён крэпка стаіць на зямлі і таму лічыць сябе чалавекам грунтоўным.
– Ад тых, хто лунае ў аблоках, не ведаеш, чаго чакаць!
Так ён кажа пра хросную. Але яна ніколі не крыўдуе на гэтыя словы.
– Скажу табе пад сакрэтам, мая дарагая дзяўчынка, — часта прызнаецца яна, – гэты сусед кажа праўду. Я сама не ведаю, чаго ад сябе чакаць. Гэта сапраўды бывае ад доўгіх назіранняў за аблокамі. Яны ж мяняюцца штохвіліны. Нагледзішся — і якія толькі фантазіі ў галаву не прыйдуць!
Дома ў хроснай заўсёды шмат гасцей. Бо хросная лічыць, што сябраваць – гэта найпершая чалавечая работа. І як толькі яна спраўляецца, адразу кліча сяброў. Усіх частуе гарбатай і пірагамі. Потым госці чытаюць вершы, расказваюць казкі, ставяць спектаклі, малююць, нешта майструюць хросная ўсім можа знайсці занятак даспадобы. І я пэўная, што ніякая яна не вар'ятка. Я так думаю, што хросная добрая чараўніца. Жыць пад аблокамі для яе тое самае, што настаўніцы хадзіць на працу ў школу.
(канец фрагменту)
